ГУБНА́Я РЭФО́РМА,
рэформа мясц. кіравання ў Расіі ў 16 ст. У ходзе яе на тэр. губы створаны органы самакіравання — губныя ўстановы, арганізацыю і кампетэнцыю якіх вызначалі губныя граматы (вядомы з 1539) і наказы. Складаліся з губных хат, на чале стаялі 2 губныя старосты, якім дапамагалі губныя цалавальнікі і паліцэйскія чыны, справаводства вялі дзячкі. Падпарадкоўваліся Разбойнаму прыказу. Губныя ўстановы вялі расследаванне асабліва небяспечных крымінальных злачынстваў, практыкавалі павальныя вобыскі і допыты, часта ўжывалі катаванні, а ў адносінах да вінаватых — смяротную кару і жорсткія пакаранні. З 2-й пал. 16 ст. губныя старосты выконвалі і адм. абавязкі (адвядзенне зямель, межаванне і інш.). Пасля ўвядзення ў пач. 17 ст. ваяводскага кіравання, губныя ўстановы паступова пераходзілі пад кантроль ваявод. У 1669—84 скасаваны часова, у 1702 — канчаткова.
т. 5, с. 518
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)